17 лістапада 2016 года ў 11.00, у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка "Бітва на Соме. Першая сусветная вайна. Урокі гісторыі".
Дадзены выставачны праект арганізаваны Пасольствам Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. Яго мэтай з'яўляецца дэманстрацыя артэфактаў вайны, якія захоўваюцца ў фондах Імперскага ваеннага музея ў Лондане і ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
18 лістапада 2016 году спаўняецца 100 гадоў як скончылася адна з самых доўгіх і кровапралітных бітваў як Першай сусветнай вайны, так і сусветнай гісторыі. Гэта Бітва на Соме, якая доўжылася 141 дзень і якая адабрала больш за мільён чалавечых жыццяў.
Зона адказнасці сіл Брытанскага экспедыцыйнага корпуса на паўночным усходзе Францыі як раз і праходзіла ўздоўж ўзбярэжжа невялікай французскай ракі Сомма. Мэта аперацыі – прарыў абароны арміі Германскай імперыі, вызваленне тэрыторыі паўночна–ўсходняй Францыі і выхад да межаў акупаванай Бельгіі. Францыя і Англія панеслі ў аперацыі велізарныя страты, для Германіі гэтыя страты былі такімі значнымі, што яна пасля Соммы і Вердэна ўжо не магла аднавіць ранейшую баяздольнасць і маральны дух войскаў.
Падчас бітвы ўпершыню вяліся дакументальныя здымкі з лініі фронту, якія змогуць паглядзець наведвальнікі выставы.
Дакументальны фільм "Бітва на Соме" паказвае падзеі першай фазы бітвы на Соме ў перыяд з 1 ліпеня па 18 лістапада 1916 года. Фільм захоўваецца ў сходзе Імперскага ваеннага музея (Лондан) з 1920 года. Да стогадовага юбілею бітвы на Соме музей падрыхтаваў адрэстаўраваную лічбавым спосабам версію фільма для больш за сотню паказаў у Вялікабрытаніі і за яе межамі. Гэты дакументальны фільм быў зняты двума аператарамі: Джэфры Малінэсам і Джонам Макдаўлам, якія вялі здымку з перадавых пазіцый брытанскай арміі і ў выніку ім удалося зняць першы дакументальны фільм, прызнаны ЮНЕСКА.
Фільм "Бітва на Соме" адзін з самых працяглых фільмаў свайго часу і самы папулярны фільм сваёй эпохі. Яго паглядзелі больш за 20 мільёнаў гледачоў, што да гэтага часу з'яўляецца рэкордам для брытанскай кінаіндустрыі. Рэальныя крывавыя сцэны бою, целы забітых і параненых, упершыню паказаныя на экранах кінатэатраў, прывялі ў шок брытанскую публіку і павысілі статус кінематографа з немудрагелістага, часам таннага кіно для абывацеля да гістарычна выверанага праўдзівага кіно.
Прэм'ера фільма адбылася 10 жніўня 1916 года, калі ўсё яшчэ працягвалася бітва на Соме. Гледачы з хваляваннем углядаліся ў твары салдат, якія ўсміхаліся ў кадры і віталі аператараў, спадзеючыся ўбачыць сваіх блізкіх і каханых, некаторыя з якіх былі забітыя ці параненыя ў гэтай бітве. Іх твары назаўжды засталіся захаваныя ў гісторыі.
На выставе "Бітва на Соме. Першая сусветная вайна. Урокі гісторыі" можна будзе паглядзець кадры кінахронікі бітвы на Соме, а таксама вывучыць фатаграфіі і агітацыйны матэрыял, які выдаецца ў гады вайны для брытанскай і беларускай грамадскасці.
Источник и фото: histmuseum.by